1

16 1 0
                                    


Іллю скралі пачвары.

Прыкладна да такой высновы прыйшоў адзінаццацігадовы Ян, чакаючы брата ўжо трэція суткі. Маці казала, што ён проста "загуляў" – хлопец малады, толькі-толькі з арміі, выбраўся на першую за доўгі час вечарыну. "Зараз, відаць, з дзеўкамі на хаце бухае" – сказала яна пасля чаго адразу вярнулася да перарванай тэлефоннай размовы ("Ды не важна, малы ізноў на нервы дзейнічае, ні хвіліны спакою ў гэтым доме!" – прамаўляла тая да нябачнай суразмоўцы). А Ян, тым часам, сышоў ў іхні з Іллёй пакой і сеў на братаў ложак.

Ніхто нічога не ведае. Ніхто не перажывае з-за адсутнасці доўгай адсутнасці Іллі. "Магчыма, мама проста прывыкла, што яго доўга няма, вось і не трывожыцца зараз" – суцяшаў Ян сам сябе. Аднак у глыбіні душы ён разумеў: уся справа ў пачварах. Ён не ведаў дакладна, у якіх іменна, але ён быў упэўнены, што вінаватыя менавіта яны – хто яшчэ можа арганізаваць настолькі бясследнае знікненне чалавека, ды яшчэ і зрабіць так, што ніхто не захоча яго шукаць?

Яну трэба было ў школу, але ісці не хацелася нават больш за звычайнае. Пакуль ён будзе слухаць розную інфармацыю "аб усім і ні аб чым", Ілля можа быць у небяспецы і чакаць ягонай дапамогі. Прагуляць, аднак, таксама варыянту не было – класная абавязкова патэлефануе маці і тады ўвечары яму давядзецца ў мільённы раз слухаць матчыны слёзы і крыкі "Мяне ніхто не цэніць, я тут для вас пустое месца!"

Так што за сваё "расследаванне" Ян прыняўся ўжо пасля таго, як адсядзеў належныя пяць урокаў. Пачаць вырашыў з самага відавочнага – апытання сяброў Іллі. Каб змагацца з пачварамі, трэба ведаць, з кім маеш справу, хіба не?

На жаль, самае відавочнае аказалася не самым простым – большасць з іх былі паўналетнія, так што ў школе перасекчыся з імі не атрымлівалася, а іншай магчымасці ў вясковага хлопчыка-пяцікласніка і не было. Дакладней, амаль не было.

Быў у Іллі адзін добры сябар – Дзяніс, з усёй кампаніі, напэўна, адзіны да каго Ян адчуваў сімпатыю, бо той не дражніўся, як іншыя знаёмыя брата, і не сюсюкаўся, як ягоныя сяброўкі. Ян быў упэўнены, што яны з Дзянісам трымаюцца на роўных.

І вось да Дзяніса ён і вырашыў звярнуцца. З усёй кампаніі Іллі ён быў адзіны, хто жыў адносна побач з імі – у суседняй вёсцы, - але, што рабіла сітуацыю яшчэ лепш – ён працаваў на ферме, якая знаходзілася метрах у дваццаці ад Янавага дома. Якраз сёння, якраз прама зараз у яго была там змена.

Іллю скралі пачварыWhere stories live. Discover now